19 верасьня 1991 году
Author: george [321 views] 2019-08-25 13:33:39
Паважаная грамада!
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнага закону.
Пасьля дзесяцігодзьдзяў панаваньня савецкай улады Беларусь афіцыйна вяртала сабе статус сувэрэннай дзяржавы.
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце была прынятая на год раней, 27 ліпеня 1990 года. Гэты дакумэнт стаў першым крокам да аднаўленьня сапраўднай незалежнасьці краіны. Дзень прыняцьця Дэкларацыі з 1991-га па 1996-ы год адзначаўся як Дзень Незалежнасьці Беларусі.
Згодна з Дэкларацыяй, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, "якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу" (арт. 1). Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ. У юрыдычным сэнсе аднак, гэты дакумент меў толькі дэкляратыўны характар, бо ва ўмовах існаваньня СССР не меў, ды й ня мог мець, юрыдычнай сілы.
Падзеі жніўня 1991 году прысьпешылі развал Савецкага Саюзу. 24 жніўня сваю незалежнасьць абвесьціла Украіна. Таго ж дня, 24 жніўня, была склікана пазачарговая сэсія Вярхоўнага Савету БССР. На наступны дзень пераважнай большасьцю дэпутаты надалі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце ад 27 ліпеня 1990 году статус канстытуцыйнага закону. Гэтым самым было абвешчана вяршэнства беларускіх Канстытуцыі і законаў над так званымі «саюзнымі».
Ад 19 верасьня 1991 году краіна афіцыйна стала звацца Рэспублікай Беларусь.
Памятайма ж ды шануйма сваю гісторыю!
Са сьвятам!
Галоўная Управа Згуртаваньня Беларусаў Канады
Жнівень 2019
|
Synchronize |
Thread